ЖЛО́БІНСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,

тэктанічная структура на У Беларусі. Аддзяляе Беларускую антэклізу ад Варонежскай антэклізы і з’яўляецца перамычкай паміж Аршанскай упадзінай і Прыпяцкім прагінам. Даўж. 50 км, шыр. 45 км. Крышт. фундамент у межах Ж.с. залягае на глыбіні ад -650 да -900 м. Платформавы чахол складзены пераважна з рыфейскіх і вендскіх адкладаў, якія перакрываюцца сярэднедэвонскімі, юрскімі, мелавымі, палеагенавымі, неагенавымі і антрапагенавымі ўтварэннямі. Пачатак фарміравання Ж.с. ў познім пратэразоі. Блізкі да сучаснага выгляду седлавіна набыла ў канцы герцынскага этапу. У палеазоі і да сярэдняга мезазою на тэрыторыі Ж.с. пераважалі ўзыходныя тэктанічныя рухі. У жывецкі час дэвонскага перыяду, юрскім мелавым, палеагенавым перыядах раён седлавіны падвяргаўся адмоўным тэктанічным рухам і быў неглыбокім морам.

У.І.Шкуратаў.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)